1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як змяніліся падручнікі па гісторыі Беларусі пасля 2020 года

13 декабря 2024 г.

З падручніка па гісторыі Беларусі прыбралі партрэт Каліноўскага, а Генпракуратура выпускае свае дапаможнікі пра "генацыд беларускага народа". Што змянілася ў выкладанні гісторыі ў беларускіх школах пасля 2020-га - у DW.

https://p.dw.com/p/4o79k
Падручнік "Гісторыя сярэдніх вякоў" для 6 класа
Падручнік "Гісторыя сярэдніх вякоў" для 6 класа (фота з архіва)Фото: DW/E.Daneyko

У Беларусі пасля 2020 года гісторыя выкарыстоўваецца для "новага праекта нацыянальнай ідэнтычнасці", больш лаяльнага беларускаму рэжыму, чым той, што быў да пратэстаў, лічыць акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Якім чынам гэта адбываецца, даследнік паказвае ў аналітычным дакладзе "Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі". Яго анлайн-прэзентацыя адбылася 12 снежня 2024 года.

Што цяпер пішуць у беларускіх падручніках пра паўстанне 1863 года, як ствараюцца антыпольскія наратывы, ці можна давяраць фактам у падручніку ад Гепракуратуры - спрабавала разабрацца DW.

Прыбралі патрэт Каліноўскага. Такого не было нават у БССР

У 2020-2021 гадах свет пабачылі новыя падручнікі па гісторыі Беларусі для 10 і 11 класаў. Аляксей Ластоўскі адзначае, што гэта частка генерацыі падручнікаў, якія пачалі публікавацца яшчэ ў 2016 годзе, іх выпуск абумоўлены чарговай рэформай выкладання школьнага курса гісторыі. Аднак і гэтыя дапаможнікі ўжо знаходзяцца "пад некаторым ціскам з расійскага боку".

Напрыклад, у падручнік для дзясяцікласнікаў вярнулася вызначэнне вайны 1812 года як "айчыннай". Аднак, звяртае ўвагу Ластоўскі, яно ўжываецца толькі ў назве раздзела, у тэксце не сустракаецца, а пра падзеі "расказваецца абсалютна нейтральна".

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі
Аляксей ЛастоўскіФото: Privat

Такі ж асцярожны тон, дзе фактычна няма нейкіх характарыстык і ацэнак, выкарыстоўваецца і для адлюстравання паўстання 1863-1864 гадоў. У новым падручніку яно не называецца паўстаннем Кастуся Каліноўскага, таксама там цалкам адсутнічаюць згадкі пра "Мужыцкую праўду" і "Лісты з-пад шыбеніцы".

"З падручніка прыбраны ўжо партрэт Каліноўскага, які ва ўсіх ранейшых генерацыях падручнікаў прысутнічаў, нават калі кажам пра падручнікі па гісторыі БССР, дзе ўсяго было толькі тры партрэты - партрэт Скарыны, Каліноўскага і Леніна", - адзначае Ластоўскі.

Антыпольская рэпрэзентацыя

Ідэалагічныя змены, выкліканыя рэакцыяй на пратэсты 2020 года, можна назіраць у падручніку для 11 класа. Асабліва адчувальныя яны, на думку даследчыка, у рэпрэзентацыі гісторыі Заходняй Беларусі, уваходжання беларускіх земляў у склад міжваеннай польскай дзяржавы. "Такое выключана чорнае адлюстраванне", - кажа Ластоўскі.

У адносінах да Польшчы ўжываюцца такія выразы як "прамысловая паланізацыя", "ваенная дыктатура", "нацыянальны прыгнёт", "паліцэйскі тэрор".

Таксама падрабязна апісваюцца катаванні ў канцлагеры ў горадзе Бяроза-Картузская. "Пры тым не згадваюць, што беларусаў там насамрэч было вобмаль і гэта ніякім чынам непараўнальна са сталінскімі лагерамі", - звяртае ўвагу даследчык. - Пазней, у раздзеле пра Другую сусветную вайну, польскую Армію Краёву "параўноўваюць з гітлераўскімі карнікамі".

Паводле Ластоўскага, тут відавочныя "вельмі палітызаваная і антыпольская рэпрэзентацыя" і стварэнне пасля 2020 года "новага дыскурса гістарычнай памяці".

Такое ж стаўленне назіраецца і ў падручніку "Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны", выдадзеным у 2023 годзе. Ластоўскі адзначае, што Армія Краёва ў ім апісваецца выключна "як гітлераўскія памагатыя, якія імкнуліся знішчыць беларускі народ", пры гэтым замоўчваецца, што ў яе шэрагі прымалі беларусаў, у тым ліку праваслаўнага веравызнання.

Фальсіфікацыі ў падручніку ад Генпракуратуры?

Дапаможнік "Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны" быў падрыхтаваны па матэрыялах Генпракуратуры РБ. Гэта не асобны школьны курс, паводле метадычных рэкамендацый настаўнікі павінны інтэграваць яго ў іншыя навучальныя прадметы.

Ластоўскі кажа, што многія звесткі ў падручніку фальсіфікуюцца, каб "максімальна павялічыць колькасць ахвяраў" у гады Другой сусветнай вайны.

Напрыклад, паводле афіцыйных звестак, колькасць ахвяраў у лагеры Трасцянец - 206,5 тысяч чалавек, Гепракуратура ж павялічыла гэтую лічбу да 460 тысяч.

"Агулам не зразумела, дзе столькі людзей знайсці на гэтую колькасць ахвяраў. Пры гэтым Трасцянец рэпрэзентуецца як лагер смерці, дзе людзі змаглі б жыць толькі два-тры месяцы", - каментуе Ластоўскі.

Паводле гісторыка, такое апісанне не адпавядае рэчаіснасці. У Трасцянцы быў працоўны лагер. Таксама было месца масавых расстрэлаў Благаўшчына, дзе пераважна расстрэльвалі вывезеных з Еўропы габрэяў. Тое, што гэта былі менавіта габрэі, у беларускім падручніку не пазначаецца, .

Аляксей Ластоўскі адзначае таксама, што ёсць праблема і з тым, якім чынам падаюцца траўматычныя падзеі ў сістэме адукацыі, і што дадзены падручнік "педагагічна не адаптаваны": "Сілавыя структуры пачынаюць займаць ключавую ролю ў тым, якім чынам прэзентаваць гісторыю. Па нейкіх тэмах кшталту "генацыду беларускага народу" практычна адхіленыя прафесійныя гісторыкі, няма нейкіх дыскусій, крытыкі".

Што ў новых падручніках пішуць пра падзеі 2020 года?

Яшчэ адно выданне, на якое звяртаецца ўвага ў даследванні, - гэта падручнік для ВНУ "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці" пад рэдакцыяй дэпутата ніжняй палаты парламента Ігара Марзалюка.

Паводле Ластоўскага, галоўная ідэая курса у тым, што "гісторыя беларускай дзяржаўнасці - гэта гістарычны працэс, ідэальным увасабленнем якога з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка".

Даследнік таксама адзначае, што Марзалюк "элегантна" абыходзіць некаторыя тэмы: у яго падручніку не згадваецца вайна 1812 года і перыяд Заходняй Беларусі.

Ластоўскі звяртае ўвагу і на тое, што ў падручніку гаворыцца пра выбары-2020 і пратэсты: "Марзалюк проста піша, што падзеі 2020 года вымусілі грамадскасць і ўлады Беларусіі звярнуцца да дыскурсу нацыянальнага абнаўлення,  прыняць новую рэдакцыю Канстытуцыі. А што за падзеі 2020 года, пры гэтым абсалютна не згадваецца".

Пра мінулыя прэзідэнцкія выбары гаворыцца і ў падручніку для 11 класа. Сцвярджаецца, што, паводле ЦВК, Аляксандр Лукашэнка перамог, атрымаўшы 80% галасоў. Пра пратэсты ў падручніку таксама не ўзгадваецца.

Згадкі пратэстаў ёсць у падручніку "Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Там адзначаецца, што пратэстоўцы выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сцяг і лозунг "Жыве Беларусь", якія аўтары падручніка называюць "нацысцкімі".

"Сцвярджаецца, што ўдзельнікі пратэстаў не толькі выкарыстоўвалі нацысцкія лозунгі, але і нацысцкія метады, агулам прыраўноўваюць іх з тымі, хто знішчаў і паліў беларускія вёскі", - дадае Ластоўскі. На ягоную думку, такая моцная палітызацыя недапушчальная ў школьнай сістэме.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще