Чаму беларускіх фільмаў на беларускай мове амаль не існуе
27 декабря 2024 г.Спіс найлепшых беларускіх фільмаў быў апублікаваны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй у дзень 100-годдзя беларускага кіно 17 снежня. Відавочна, што ў топ-50 мала беларускамоўных стужак. DW тлумачыць, чаму беларускія фільмы здымаліся на беларускай мове толькі ў якасці выключэння.
Кіно стварае савецкага беларуса
Калі ў 1920-я гады паўстала беларускае кіно, у БССР адбывалася беларусізацыя і дзейнічаў нацыянальнаарыентаваны ўрад на чале з Аляксандрам Чарвяковым. Інтэртытры ў тады яшчэ нямых фільмах пісаліся на беларускай і, у залежнасці ад мэтавай аўдыторыі, таксама альбо на ідыш, альбо на польскай, альбо на расейскай. Пра гэта сведчыў кіназнаўца Анатоль Красінскі, праўда, пабачыць самі стужкі з інтэртытрамі на дзвюх мовах сёння немагчыма: многае было прызнанае палітычна памылковым і змытае з кінастужкі ў 1930-х, многае згарэла ў пажарах.
Адзін з першых беларускіх фільмаў "Лясная быль" Юрыя Тарыча даступны ў копіі ўжо 1937 года, з інтэртытрамі на расейскай мове і выразанымі кадрамі з Аляксандрам Чарвяковым, які ў гады Вялікага тэрору трапіў пад пераслед. Але па памылках - напрыклад, напісанні "шы" з літарай "ы" - бачна, што інтэртытры рыхтаваў чалавек, для якога беларуская была першай пісьмовай мовай.
У 1930-я, калі з’явілася гукавое кіно, нацыянальная палітыка ў СССР была ўжо іншай: Масква распаўсюджвала імперскую ідэю перавагі расейскай культуры, да якой іншыя народы патрабавалі быць далучанымі.
Кінамастацтва гэтага часу падрабязна разбірае даследніца Вольга Раманава ў кнізе "Другая гісторыя савецкага беларускага кіно": пакуль у Беларусі буялі масавыя рэпрэсіі з абвінавачваннямі ў буржуазным нацыяналізме і польскім шпіяныжы, кіно мелася ствараць формулу савецкага беларуса. І ў гэтай формуле беларус асабліва не адрозніваўся ад расейца. Паводле аўтаркі, галоўныя ролі ў беларускіх стужках звычайна аддаваліся расейскім акторам, і размаўлялі яны, зразумела, на літаратурнай расейскай мове, такім чынам расейская адразу стала мовай гукавога беларускага кіно.
Калі беларускасць у 1930-х і счытвалася ў фільмах, то прысутнічала дазавана і ў бяспечных формах, якімі былі фальклор і этнаграфія. У стужцы "Дачка Радзімы" Уладзіміра Корш-Сабліна можна ўбачыць калгаснікаў і калгасніц у вышыванках, пачуць адну фальклорную песню і пару фраз на трасянцы.
Моўную сітуацыю добра дэманструюць 1940-я, калі ў час так званага сталінскага малакарціння з’явіўся танны і палітычна бяспечны жанр фільма-спектакля. У Беларусі такіх выйшла два - "Паўлінка" і "Хто смяецца апошнім" паводле пастановак Купалаўскага тэатра, праўда, у адрозненне ад тэатра ўжо на расейскай мове.
Першыя гукавыя беларускамоўныя фільмы
З адлігай пачынаецца другая хваля русіфікацыі, у 1959 годзе Мікіта Хрушчоў прыязджае ў Мінск і заяўляе, што, чым хутчэй савецкія людзі пяройдуць на расейскую мову, тым хутчэй наступіць камунізм.
Сцэнары на "Беларусьфільм", паводле правілаў, тады падаваліся на расейскай мове, адпаведна, так рабілі і Васіль Быкаў, і Уладзімір Караткевіч. Але акурат у час адлігі тут з’явілася студыя дубляжа, якая дазваляла рабіць беларускамоўныя копіі. У такі спосаб была прадубляваная, напрыклад, "Трэцяя ракета", пазней - "Белыя росы". Копіі на беларускай мове паказваліся ў кінатэатрах, што называецца, "трэцім экранам".
Пры гэтым у 1960-я, паводле кнігі Вольгі Раманай, з’яўляецца кіно, якое зместава супраціўляецца формуле "савецкага беларуса", - "Цераз могілкі", "Я родам з дзяцінства", "Усходні калідор". Але страх дэманстраваць культурную іншасць, што ўзнік праз траўму сталінскіх рэпрэсій, усё яшчэ захоўваецца. Даследніца піша, што ён добра чытаецца ў сценаграмах абмеркаванняў на "Беларусьфільме" нават у 1970-я.
Пасля поспеху фільма "Цені забытых продкаў" Сяргея Параджанава, што выйшаў на Кіеўскай кінастудыі ў 1965 годзе і дэманстраваў ўкраінскую нацыянальную стылістыку, "Беларусьфільм" прыняў сцэнар Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Але неўзабаве і ў Беларусі, і ва Украіне пачалася чарговая хваля чыстак інтэлігенцыі. Фільм "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" Уладзіміра Бычкова паводле таго самага сцэнара зазнаў цэнзурныя купюры і дэманстраваўся "трэцім экранам".
Фільмы на беларускай мове выйшлі толькі ў пачатку 1980-х. Гэта былі "Людзі на балоце" Віктара Турава і "Чужая Бацькаўшчына" Валерыя Рыбарава. Пасля беларуская мова з’явілася ў першай палове 1990-х, калі Валерый Панамароў зняў стужку "На чорных лядах". Яго ж фільм "Тутэйшыя", гэтаксама беларускамоўны, быў пакладзены на паліцу. У 90-я, піша Вольга Раманава, з’яўляецца прыём шматмоўнасці, які добра адлюстроўвае гістарычную шматкультурную реальнасць Беларусі: у фільме "Франка - жонка хама" гучаць беларуская, польская і расейская мовы, у "Птушках без гнёздаў" - беларуская і расейская.
Лепшая сітуацыя дакументальнага кіно
Такі ж прыём праз гады быў увасоблены ў фільме "Янка Купала", знятым на "Беларусьфільме" ў 2020 годзе. У апошнія дзесяцігоддзі Нацыянальная кінастудыя, якая і ў незалежнай Беларусі засталася галоўным атрымальнікам прызначаных на кіно дзяржаўных грошай, па-ранейшаму не мела свядомай моўнай палітыкі. Таму беларуская мова з’яўлялася эпізадычна - гучала ў кароткім метры "Рускі" Віктара Аслюка, быў план прадубляваць на беларускую "Авантуры Пранціша Вырвіча", праўда, стужка трапіла на паліцу.
Затое ў дакументальным кіно, калі ў 1970-х з’явілася тэхніка з магчымасцю запісваць гук сінхронна, з беларускай мовай было прасцей, чым у ігравым кіно, праўда, да таго моманту русіфікацыя пакінула мала беларускамоўных людзей нават у вёсцы.
У 1990-х - паводле рэжысёра, які працаваў тады на студыі дакументальнага кіно "Летапіс", - на "Беларусьфільме" з’явілася цэлая хваля "адраджэнскіх" дакументальных фільмаў на беларускай мове. "З першага дня існавання "Беларусьфільм" быў каланіяльнай студыяй, дзе галоўныя месцы займалі людзі з небеларускай свядомасцю, - кажа рэжысёр, - Але ў 90-я з беларускай мовай на студыі "Летапіс" стала добра, тады ёй кіраваў Уладзімір Халіп, і тая хваля трымалася да канца дзесяцігоддзя".
У асобных выпадках беларуская ўспрымалася на кінастудыі варожа: адна з рэжысёрак дакументальнага кіно сведчыць, што з Уладзімірам Замяталіным, які кіраваў "Беларусьфільмам" з 2006 года да 2010, лепш было не размаўляць на беларускай, "інакш табе будзе складана існаваць на студыі". Беларуская мова альбо трасянка ў яе фільмах правакавалі траўлю з боку дырэктара і абвінавачванні, што яна прымушае сваіх герояў гаварыць па-беларуску.
Тым не менш беларуская мова ў дакументальных фільмах гучыць: у новым тысячагоддзі студыя "Летапіс" працягнула выпускаць стужкі з закадравым голасам на беларускай.
Але асноўнай мовай "Беларусьфільма" застаецца расейская, тым больш на найбуйнейшыя ігравыя праекты кінастудыя па-ранейшаму запрашае рэжысёраў і актораў з Расеі.