З нагоды суду над студэнтамі і выкладчыцай БДУІР, якія падтрымалі пратэсты пасля леташніх выбараў, у адмысловай рубрыцы DW "Беларусь. Перспектывы" Дар’я Рублеўская тлумачыць, чаму студэнцкi супрацiў стаў заканамерным працэсам. Абмеркаваць яе развагi можна тут - пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".
Цяпер ужо нязручна і нязвыкла ўзгадваць, што да 9 жніўня 2020 года ні палітычныя лідары, ні рэжымныя супрацоўнікі не ставілі на студэнцтва. Узгадвалі ранейшы досвед студэнцкай аморфнасці і нібыта апалітычнасці ды меркавалі, што паўстане хто заўгодна, але не ўніверсітэты. Такі падыход толькі падкрэслівае, што мы - зусім іншае пакаленне, якое цяжка (альбо зусім) не паддаецца разуменню і асэнсаванню тых, хто нарадзіўся не пры Лукашэнку.
Студэнцкі супраціў у Беларусi раздуваў сам рэжым
Цяперашнім студэнтам год менш, чым рэжыму. Мы нарадзіліся пры ім, упершыню ўзялі ў рукі лыжку, пайшлі ў сад, атрымалі "Мая радзіма Беларусь" у першым класе, з рознай паспяховасцю перажылі аджытую школьную праграму. Паступілі ва ўніверсітэт, пачынаючы ўласнае жыццё. І ўсё пры Лукашэнку з суправаджальнымі элементамі постсавецкага дэкору: паказальная ўнармаванасць, блекласць прымаемых рашэнняў, падначаленне на ўзроўні рэфлексіі, улада і жорсткая рука, якая лезе ў кішэню за чарговым паборам у БРСМ ці ОСВОД. Ва ўмовах зацятай спробы пераўтварыць ўніверсітэт у лялечны тэатр студэнцкі пратэст стаў немінучым выбухам. Гэта была справа часу.
Апошняя гучная студэнцкая акцыя з простым мэсэджам "Студэнты супраць" адбылася ўвосень 2015 году. Тады будучыя адраджальнікі Задзіночання беларускіх студэнтаў пратэставалі супраць платных перасдач у БДУ, ладзiлi мітынгы вакол кампусаў і нават выклікалі рэктара на дыван. Потым надышоў час адвакацыйных кампаній, дзе ціха і метадычна студэнты змагаліся за прымальную якасць навучання, а таксама фармавалі структуры, лакальныя студэнцкія ініцыятывы, здабывалі досвед змагання ва ўмовах татальнага парадку.
Выбух студэнцкай непакорнасці ўвосень 2020 году ёсць цалкам заканамерны працэс, які ў вялікай ступені раздуваўся да цяперашніх масштабаў самім рэжымам: калі б 1 верасня студэнцкаму шэсцю далі дайсці да міністэрства адукацыі з петыцыяй да Карпенкі, калі б адміністрацыя ўніверсітэтаў не выклікала на ўласных студэнтаў АМАП, калі б не гарадзіла праходы-выхады і не дэманстравала гэтулькi страху і непрымальнасці - шмат што б пайшло іначай.
Пра досвед савецкага чалавека і новае пакаленне беларусаў
Але мы маем тое, што маем. А менавіта недарэчныя спробы загасіць студэнцкі супраціў праз адлічэнні, войска, вымушаную эміграцыю і, канешне, крымінальны пераслед актывістаў. Але затрымліваючы ў лістападзе студэнтаў, завозячы актывістаў у засценкі КДБ і скланяючы да "супрацоўніцтва" пад катаваннямі іншых маладых людзей, супрацоўнікі рэжыму працягваюць рэтрансляваць уласны падуладны досвед савецкага чалавека на якасна новае пакаленне.
Па-першае, яны не разумеюць, што такое каштоўнасць. Калi згрэбцi ўсё студэнцтва пад граблі мёртва народжанага БРСМа, натуральна губляецца разуменне каштоўнасцяў. Звычайна словы "студэнцкае самакіраванне", "акадэмічныя свабоды", "універсітэт як месца свабоды" гучаць як пусты гук і пшык на Млечны шлях, які не ўпісваецца ў старанна напісаны бюрактарычнай мовай план мерапрыемстваў на семестр. Менавіта таму незалежнае студэнцтва застаецца непаразумелым для закасцянелага адміністрацыйнага і сілавога апарату.
Па-другое, яны не ўяўляюць, як ісці за ідэяй. Самае распаўсюджанае пытанне пры студэнцкіх затрыманнях - гэта "Хто і колькі табе заплаціў?" Адмаўляючы саму сутнасць ідэі як адзінага накіроўваючага штуршка, яны адмаўляюцца бачыць відавочнае. Па-трэцяе, яны не вераць у гарызантальнасць сувязяў. Беларусь пераўтварылася ў адну суцэльную піраміду падпарадкавання і вертыкальнай улады, у той час як вольнадумныя студэнты адмаўляюць інтстытут усеаб’емнай патэрналісцкай улады як такавы. Нам не патрэбны "бацька", мы выйшлі з сям’і і хочам самастойна прымаць рашэнні, размаўляць і дыскутаваць, выказвацца і спрачацца, будаваць планы і жыць у гарызантальных структурах. Але найбольш упартыя патрыярхалы ўсё яшчэ намагаюцца адшукаць у студэнцкіх пратэстах кіраўнікоў і каардынатараў. Ну, зычым iм поспехаў.
Па-чацвёртае, яны не ўсведамляюць узроўня дынамічнасці. Наша маладосць - наша неаспрэчная перавага. Мы на ляту засвойваем новыя захады па бяспецы тэлеграма і сродкі візуальнага аздаблення публікацый, паспяваючы пры гэтым здаваць сесію і шукаць месца для размеркавання, складаць петыцыі і друкаваць налепкі.
І апошняе: яны забываюцца на мабільнасць. Нас не трымаюць узятыя на лядоўню крэдыты ці чарга на льготныя кватэры, дзіця ў садочку і селядзец па акцыі ў "Хіце". Так, магчыма пасадзіць чалавека на суткі ці прымусіць сыйсці з "дзвіжу". Але на месца однаго студэнта заўсёды прыйдуць новыя - яшчэ больш ідэйныя, дынамічныя і мабільныя.
Каб спыніць студэнцкі супраціў, варта зачыніць усе навучальныя ўстановы і выкраліць само разуменне студэнцтва. Іначай - заўсёды трымаць у галаве, што 1 верасня поўняцца не толькі вазы на стале ў выкладчыц, але і студэнцкія шэрагі. Студэнцкі рух працягвае здабываць форму, змяняць фарматы-падыходы і адбудоўвацца як нешта большае, чым проста змаганне супраць Лукашэнкі.
Аўтар: Дар’я Рублеўская, праваабаронца цэнтра "Вясна", актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў.
Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым.
Больш па тэме: